ПЕ́ТРЫКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА КАЛІ́ЙНЫХ СО́ЛЕЙ У Гомельскай вобл., каля г. Петрыкаў. Адкрыта ў 1966. Паклады звязаны з верхнедэвонскай саляноснай тоўшчай, прымеркаваны да цэнтр. зоны Прыпяцкага прагіну. Калійныя солі залягаюць на глыб. 521—1440 м, магутнасць саляноснай тоўшчы 1600—1900 м. Складзены з сільвініту, сільвін-карналітавых і карналітавых парод, якія ўтвараюць 11 калійных гарызонтаў, шматлікія праслоі і ўкрапанні ў каменнай солі. Плошча асноўнага (4) гарызонту больш за 500 км², магутнасць 0,29—3,52 м, мае ў сярэднім 21% хлорыстага калію, 1,3% хлорыстага магнію, 0,5% нерастваральных рэшткаў. Разведаныя запасы 1,06 млрд. т, перспектыўныя 1,9 млрд. т.
А.П.Шчураў.
т. 12, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)